МАЗГАВЫ́Я АБАЛО́НКІ,

злучальнатканкавыя плевачныя мембраны, якія пакрываюць галаўны мозг і спінны мозг у пазваночных жывёл і чалавека. Аднаслойную першасную М.а. маюць рыбы. У наземных пазваночных М.а. дыферэнцыруецца на цвёрдую (вонкавую) і мяккую (унутр.); мяккая падзяляецца на павуцінную і сасудзістую. Цвёрдая М.а. высцілае ўнутр. паверхню чэрапа і пазваночнага канала, утварае вянозныя сінусы, якія служаць для адцёку вянознай крыві ад галаўнога мозга. Павуцінная М.а. ў поласці чэрапа прылягае да паверхні звілін кары вял. паўшар’яў. Сасудзістая М.а. непасрэдна пакрывае паверхню галаўнога і спіннога мозга, шчыльна злучана з ёю, багатая крывяноснымі сасудамі, якія забяспечваюць мозг і служаць для ўсмоктвання спіннамазгавой вадкасці (ліквара). Разам з павуціннай абалонкай утварае сасудзістыя спляценні жалудачкаў мозга.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)